Збор актыву рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся»

Збор актыву рэспубліканскай акцыі навучэнскай

моладзі « Жыву ў Беларусі і тым ганаруся »

Дата:1-21 снежня 2015 года.

Месца правядзення: НДЦ «Зубронак»

Колькасць удзельнікаў: 260 навучэнцаў

Тэл. (017) 288 42 16, 262 54 19

Збор актыву рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі

« Жыву ў Беларусі і тым ганаруся »

ПРЭС-РЭЛІЗ

З 1 па 21 снежня 2015 года ва УА «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубронак» (далей – НДЦ «Зубронак») праходзіць збор актыву рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» (далей – Акцыя) .

Пераможцы абласных (Мінскага гарадскога) этапаў рэспубліканскіх конкурсаў Акцыі, усяго 260 навучэнцаў, запрошаны ў НДЦ «Зубронак» для прадстаўлення і абароны сваіх творчых і даследчых праектаў конкурсаў, якія праводзіліся ў рамках Акцыі ў 2015 годзе.

У «краіне дзяцінства» будуць падведзены канчатковыя вынікі рэспубліканскіх конкурсаў Акцыі: сацыяльных праектаў «Мае землякі – мой гонар», відэафільмаў «Мая чароўная Беларусь», творчых работ «Наш падарунак Перамозе», аграбіялагічнага конкурса «Юны натураліст» і рэспубліканскай акцыі «Збяры Беларусь у сваім сэрцы».

Конкурс творчых работ «Мае землякі – мой гонар» праходзіў па наступных намінацыях: «Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны» (калектыўная) і «Творцы сучаснай гісторыі» (індывідуальная).

У НДЦ «Зубронак» удзельнікамі конкурсу будуць прадстаўлены даследчыя матэрыялы аб жыццёвым, працоўным шляху, творчай дзейнасці славутага земляка-сучасніка і відэаматэрыял (інтэрв’ю, відэасюжэт) аб дзейнасці земляка-сучасніка.

У адпаведнасці з умовамі конкурсу відэафільмаў «Мая чароўная Беларусь» навучэнцами будуць прадстаўлены вiдэазамалёўкі – намінацыя «Мая радзiма» ‑ з гістарычнымі і культурнымі выдатнасцямі мястэчак, гарадоў, вёсак; відэастужкі, прысвечаныя экалагічным праблемам у рэгіёне і ролі моладзі ў іх вырашэнні (намінацыя «Прырода і я»); відэапраекты, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (намінацыя «70 гадоў міру»), а таксама гульнёвыя і анімацыйныя фільмы. Усе відэафільмы зроблены на тэрыторыі Беларусі.

Конкурс творчых работ «Наш падарунак Перамозе» аб’яднаў юных літаратараў. У конкурсе ўдзельнічалі творчыя работы дзяцей і падлеткаў інфармацыйна-публіцыстычных жанраў (нататкі, рэпартажы, інш.), дзе распавядаецца пра пэўныя справы і ўчынкі падлеткаў, накіраваныя на захаванне гістарычнай спадчыны; дзейнасць пошукава-даследчых атрадаў, дзіцячых і маладзёжных арганізацый, краязнаўчых гурткоў; пра сапраўдны клопат, павагу і дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны; удзел у рабоце па добраўпарадкаванні гісторыка-культурных і сацыяльных аб’ектаў сваёй мясцовасці, па ўшанаванні подзвігаў і імёнаў славутых землякоў ‑ удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

У НДЦ «Зубронак» адчыніцца літаратурная гасцёўня, калектыўныя чытанні лепшых работ удзельнікаў конкурсу.

Аграбіялагічны конкурс «Юны натураліст» праводзіўся па наступных намінацыях: «Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды», «Падарожжа ў краіну зёлак», «Сад гурманаў», «Незвычайныя расліны», «Сады Перамогі».

У намінацыі «Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды» у конкурсе ўдзельнічалі відэаролікі экскурсій навучэнцаў ў куток жывой прыроды.

Намінацыя «Падарожжа ў краіну зёлак» прадстаўляе праекты аптэкарскіх агародаў, а таксама ўчасткаў лекавых раслін.

Адпаведна намінацыі «Сад гурманаў» на конкурс былі прадстаўлены эколага-біялагічныя праекты па стварэнні на агародзе калекцыйнага ўчастка сельскагаспадарчых культур ў выглядзе садзіка з гародніны, градкі-кветніка. Намінацыя «Незвычайныя расліны» прадугледжвае навукова-даследчы праект па вырошчванні травяністай (гародніннай ці кветкавай) расліны, якая штучна створана рукамі юнага даследчыка метадам прышчэпкі, а намінацыя «Сады Перамогі» уключае фотаработы квітнеючага пладовага сада ўстановы адукацыі і творчае апісанне саду. Прэзентацыі ўсіх намінацый конкурсу будуць прадстаўлены ў «краіне дзяцінства».

У 2015 годзе ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі «Збяры Беларусь у сваім сэрцы» наведвалі Гомельскую (Гомель, Мазыр, Ветка, Рэчыца, Жлобін) і Магілёўскую (Магілёў, Мсціслаў, Бабруйск, Шклоў, Горкі) вобласці (наведвалі не менш 3-х з прапанаваных населеных пунктаў).

Навучэнцы знаёміліся з гісторыка-культурнымі і прыроднымі дастапомнасцямі населеных пунктаў, стваралі відэафільмы, дзе адлюстроўвалі свае ўражанні аб убачаных аб’ектах з экскурсійнай інфармацыяй (відэазапіс экскурсіі на мясцовасці, якую праводзяць навучэнцы).

Сёлета пераможцы абласных этапаў акцыі прадставяць свае відэафільмы, у якіх будуць адлюстраваны значныя аб’екты розных рэгіёнаў нашай краіны.

У НДЦ «Зубронак» адбудзецца канчатковае падвядзенне вынікаў вышэйадзначаных конкурсаў Акцыі і на цырымоніі ўрачыстага закрыцця змены пройдзе ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага этапу конкурсаў дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Акрамя таго, удзельнікаў Акцыі чакаюць цікавыя гульні, майстар-класы, вандроўкі, новыя сустрэчы, знаёмствы, уражанні…..